Пацель А.М. :: ГУО "Боровлянская гимназия"

Пацель А.М.

Главная : Учительская : Методическая работа : Методическая копилка : Пацель А.М.

“ВЫКАРЫСТАННЕ ІНТЭРАКТЫЎНЫХ МЕТАДАЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ ЯК СРОДАК АКТЫВІЗАЦЫІ ПАЗНАВАЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ” 

Актуальнасць вопыту

Сёння істотна змяняюцца патрабаванні да ўрока роднай мовы і літаратуры, да яго зместу, падбору матэрыялу, методыкі правядзення. Звязана гэта з пераарыентацыяй канчатковай мэты – зрабіць вучня не толькі спажыўцом (чытачом, слухачом) мовы, але і яе актыўным носьбітам. І таму на першы план выступае ўзаемадзеянне настаўніка і вучня.

Прадметы “Беларуская мова і літаратура” валодаюць асаблівымі ўласцівасцямі ўздзеяння на асобу. Згодна з іх мэтамі на ўроках мовы і літаратуры фарміруецца гарманічная асоба, інтэлектуальна развітая, здольная ўсведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым і грамадскім жыцці, адчуваць і ацэньваць прыгожае, умець карыстацца мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці.

Мэта вопыту

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў праз выкарыстанне ў адукацыйным працэсе інтэрактыўных метадаў навучання.

Задачы вопыту:

раскрыць змест інтэрактыўных метадаў навучання;

адабраць інтэрактыўныя метады навучання, якія можна выкарыстаць на ўроках беларускай мовы і літаратуры, прасачыць іх эфектыўнасць.

Вядучая ідэя вопыту

Прапанаваны матэрыял уяўляе сабой камбінацыю інтэрактыўных метадаў выкладання беларускай мовы і літаратуры, аптымальнае спалучэнне якіх пашырае магчымасці настаўніка і дазваляе яму паспяхова пераадольваць цяжкасці ў адукацыі навучэнцаў. Выкарыстанне дадзеных прыёмаў пры рабоце ў парах, малых групах, усёй групай прыводзіць да арганізацыі на занятках шматбаковай камунікацыі: вучням даводзіцца пастаянна вучыцца задаваць пытанні і адказваць на іх, слухаць і абмяркоўваць часцей за ўсё супрацьлеглыя пункты погляду, каменціраваць свой адказ і адказ таварыша, працаваць у камандзе, узгадняючы свае пазіцыі, прымаць групавыя рашэнні і г.д. Гэта ўсё зробіць звычайную паўсядзённасць цікавай, насычанай, дапаможа  правільна і карысна арганізаваць урочны час. І тады вучань будзе актыўным на ўроку, будзе імкнуцца да новых ведаў.

Апісанне сутнасці вопыту

Сучасны ўрок павінен быць якасна новым і па форме, і па змесце, развіваючым і творчым, асобасна-арыентаваным і гуманістычным.

Асноўная задача такога ўрока – актывізацыя дзейнасці вучняў з выкарыстаннем разнастайных формаў і метадаў работы, змена відаў дзейнасці, пастаянны кантроль за засваннем ведаў і набыццём уменняў і навыкаў. Ад каманднага стылю педагог пераходзіць да супрацоўніцтва, арыентуючыся на аналізе не столькі вынікаў, колькі працэсуальнай дзейнасці вучня. Змяняюцца і пазіцыі вучня: ад стараннага выканання да актыўнай творчасці. Іншым становіцца і яго мысленне: рэфлексіўным, накіраваным на вынік. Галоўнае на ўроку тое, што настаўнік павінен не толькі даваць заданні, але і ствараць аптымальныя ўмовы для развіцця асобы вучня. Лічу, што галоўнае адрозненне ў пастаноўцы мэтаў і ў прынцыпе арганізацыі педагагічнага працэсу. Вучань засвойвае матэрыял не проста слухаючы або ўспрымаючы органамі пачуццяў, а як вынік таго, што ён задаволіў свае патрэбнасці ў ведах, з’яўляўся актыўным суб’ектам свайго навучання. У вучня развіваецца ўвага, творчае мысленне, здагадка, ён сам робіць вывады і абагульненні, прымяняе свае веды ў новай сітуацыі.

Галоўная мэта для настаўніка – стварыць умовы для праяўлення пазнавальнай актыўнасці вучняў. Калі вучань сам знаходзіць нешта новае, няхай суб’ектна-новае, то тут праяўляе сябе творчае мысленне. У працэсе навучання ў дзяцей з’яўляецца патрэбнасць у новай інфармацыі, у новых уражаннях – гэта станоўчыя эмоцыі радасці, цікавасці. На маю думку, цікавасць садзейнічае праяўленню творчасці і ініцыятывы ў самастойным набыцці ведаў.

Магчымасці інтэрактыўных метадаў навучання для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў могуць быць выкарыстаны на ўсіх этапах урока.

Метады стварэння спрыяльнай атмасферы, арганізацыі камунікацыі могуць быць выкарыстаны на арганізацыйным этапе ўрока для псіхалагічнай падрыхтоўкі вучняў да зносін, для забеспячэння станоўчай знешняй атмасферы ўрока (метады “Працягні выраз”, “Падары ўсмешку”, “Алітэрацыя імені”).

На этапе актуалізацыі суб’ектнага вопыту вучняў забяспечваецца матывацыя і адбываецца ўключэнне школьнікаў у сумесную дзейнасць (“Моўны футбол (баскетбол, валейбол)”, прыём сэнсавых асацыяцый, метад “Індуктар”, прыёмы “Інтэрв’ю”, “Дакладныя і недакладныя сцверджанні” або “Ці верыце вы, што…”).

Адна з адукацыйных задач этапа вывучэння новага матэрыялу – садзейнічаць засваенню вучнямі спосабаў і сродкаў, якія прывядуць да пэўных вывадаў і абагульненняў, а таксама асэнсавання паняццяў, правілаў, законаў (метад “Інсерт”, апераджальнае заданне, лекцыя-дыскусія, табліца з пропускамі).

На этапе замацавання новых ведаў і спосабаў дзейнасці настаўнік арганізуе дзейнасць школьнікаў па адпрацоўцы вывучаных дзеянняў праз іх выкарыстанне па ўзоры або ў змененай сітуацыі (метад “Дыстанцыйны дыктант”, прыём “Знайдзі правільны адказ”).

На этапе абагульнення ведаў і спосабаў дзейнасці педагог арганізуе дзейнасць вучняў па пераводзе асобных ведаў і спосабаў дзейнасці ў цэласную сістэму (метады “Алфавіт”, “Слова – сказ – пытанне – адказ”, прыём “Жакей і конь”).

Этап кантролю і самакантролю (метады “Адгадай”, “Хачу атрымаць 10”).

Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў у навучальным працэсе заахвочвае педагога да пастаяннага самаўдасканалення, г. зн. да прафесіянальнага развіцця і росту

Работа з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў  прадугледжвае “рабочы шум” на ўроку, так як вучні самастойна прыходзяць да рашэння  пастаўленых задач: даказваюць, абмяркоўваюць, знаходзяцца ў пастаянным руху, а настаўнік выконвае роль “дырыжора”. 

Выкарыстанне дадзеных метадаў навучання падштурхнула мяне да нейкіх унутраных змен, да самаўдасканалення. Знаёмячыся з тым або іншым метадам, думаю, пры вывучэнні якой тэмы яго можна выкарыстаць, якім зместам напоўніць, як адаптаваць да сябе і сваіх вучняў. Такі творчы стан не пакідае мяне на працягу некалькіх гадоў і пацвярджае той факт, што інтэрактыўныя метады навучання з’яўляюцца дзейсным педагагічным сродкам, а іх выкарыстанне – важнай умовай развіцця самога педагога.