Иван Афанасьевич Будай :: ГУО "Боровлянская гимназия"

Иван Афанасьевич Будай

Главная : Воспитательная работа : Живая память поколений : Из истории Музея Боевой Славы : Иван Афанасьевич Будай

Настаўнік “з вялікай літары”.
 
 Іван Афанасьевіч нарадзіўся 2 студзеня 1924 года ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна ў сям’і селяніна. Яго бацька браў ўдзел у грамадзянскай вайне і змагаўся супраць Дзянікіна і белапалякаў у 1919-1920 гадах. Дзяцінства Івана праходзіла гэтаксама як і ў іншых малых таго часу: ён дапамагаў дарослым, глядзеў малодшых братоў і сясцёр, пасвіў кароў.
 У 1940 годзе скончыў дзевяць класаў Гарадзішчанскай сярэдняй школы. У жніўні таго ж года паступіў у Мінскі настаўніцкі інстытут на літаратурны факультэт. Тады з-за недахопу настаўнікаў у настаўніцкія інстытуты бралі з дзевяцігадовай адукацыяй. Але ў інстытуце правучыўся толькі месяц, бо ўвялі платнае навучанне ў старэйшых класах сярэдняй школы і ў вышэйшых навучальных установах, а ў сям’і, дзе нарадзіўся Іван Афанасьевіч, было дзевяць чалаве, таму за навучанне плаціць ён не мог. Але гэта не спыніла яго, і наступным прыпынкам у яго жыцці былі трохмесячныя спецыяльныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў гісторыі 5-7 класаў, якія ён скончыў у студзені 1941 года. З лютага пачаў настаўніцкую дзейнасць у пятым класе і быў піянерважатым Гарадзішчанскай сярэдняй школы.
 У чэрвені 1941 года на нашу Радзіму напалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Першы дзень вайны Іван Афанасьевіч помніў так хораша, нібы ўсё гэта было ўчора: “Гэта было 22 чэрвеня, нядзеля… Уся моладзь гуляла, радавалася жыццю, і нават не здагадвалася пра тое, што іх чакае наперадзе. Нечакана мы пачулі гул самалётаў, іх было шэсць. Ляцелі яны высока, таму разглядзець, чые яны, было немагчыма. Таксама чуліся выбухі. Глянуўшы ў бок Мінска,заўважылі клубы дыму. Праз некаторы час самалёты вярнуліся, цяпер яны ляцелі зусім нізка, і таму мы выразна бачылі чорныя злавесныя крыжы, яны накіроўваліся зноў на Мінск. Так мы зразумелі, што пачалася вайна…”
 Неўзабаве пачалі прыходзіць павесткі, многія з вёскі Гарадзішча пайшлі на фронт. 24 чэрвеня, на думку Івана Афанасьевіча, быў самы страшны дзень, бо Мінск увесь быў у суцэльным полымі і дыму. З кожным днём прыходзіла адчуванне няўмольнасці лёсу, сваёй бездапаможнасці, непазбежнасці гэтай страшнай народнай трагедыі. Нашы войскі з баямі адступалі, і 28 чэрвеня немцы ўвайшлі ў Мінск.
 Прыкладна 29 чэрвеня Іван Афанасьевіч разам са сваім сябрам вырашыў пайсці на фронт. Тады яму было семнаццаць гадоў і яшчэ не дазалялася ваяваць. Але жаданне абараняць Бацькаўшчыну, зрабіць нешта добрае для сваёй краіны, падштурхнула яго на падман. Ён знайшоў павозку, каня і праз некаторы час ужо ішоў разам з салдатамі. Сярод тых, хто адступаў, было многа параненых і пакалечаных людзей, у душы падлетка закралася нянавісць да захопнікаў і цвёрдае рашэнне люта караць і біць іх да апошняга дыхання. Але недалёка адышоў Іван Афанасьевіч ад сваёй вёскі, бо афіцэр, згледзеўшы двух маладых хлопцаў, запытаў, адкуль яны і што тут робяць. І.А. Будай успамінаў: “Ён так строга і дапытліва глянуў на нас, што мы разгубіліся і не маглі і слова сказаць – не тое, каб яшчэ і хлусіць яму, быццам, нам ужо за васемнаццаць. Мы прызналіся, што нас не бяруць на фронт, і што мы хочам абараняць Радзіму і разумеем усю адказнасць”. Але афіцэр адказаў так: “Не, узяць вас не магу, але калі ж так хочаце дапамагчы, дык аддайце нам каня з павозкай і бяжыце дадому”. “На нашу павозку палажылі некалькі салдат, якім было ўжо зусім дрэнна. Мне прыемна было, што мы хоць чымсьці напамаглі, але і крыўдна за тое, што нас лічылі яшчэ малымі…” – расказваў І.А. Будай.
 З верасня 1942 года Іван Афанасьевіч разам са сваімі сябрамі ўстанавіў сувязь з партызанамі, перадаваў ім зброю, боезапасы. З 15 мая 1943 года І.А. Будай стаў партызанам дыверсійнай групы атрада ім. Калініна, а пасля ранення ў ліпені 1943 года і выздараўлення – атрада імя Суворава. Калі сфарміраваўся новы атрад імя Кірава (брыгады імя Сталіна), ён быў прызначаны палітруком роты, а потым намеснікам камісара атрада.
 5 ліпеня 1944 года сустрэўся з Чырвонай Арміяй. Частка партызан папоўніла рады арміі, а некаторых (у тым ліку Івана Афанасьевіча) пакінулі на вызваленай тэрыторыі Івянецкага раёна для аднаўлення органаў Савецкай улады. Часова ён быў прызначаны дырэктарам Рубяжэвічскай сярэдняй школы. Дакладней, школа была спалена і яе трэба было аднавіць. Гэтай справай ён і займаўся, каб да 15 жніўня 1944 года школа магла прыняць дзяцей. Ім знайшлі тры пустыя дамы (іх уладальнікамі былі яўрэі, якіх расстралялі фашысты), само насельніцтва вельмі актыўна дапамагала ў аднаўленні школы. І калі амаль усё было гатова (яшчэ не прыслалі падручнікаў – іх не было наогул), Іван Афанасьевіч парасіў дазволу паехаць у Мінск, каб аформіць партызанскія дакументы. Там ён выпадкова сустрэў загадчыка Мінскага раённага навучальнага аддзела, які ў гэты ж дзень сустрэчы “перацягнуў” яго ў Мінскі раён (хоць Іван Афанасьевіч казаў, што гэта дарэмна, бо ён будзе пісаць рапарт аб накіраванні на фронт, ды і з Івянецкага раёна пакуль не ад’язджае). Аднак загадчык раённага навучальнага аддзела “ўсё ўладзіў” праз Міністэрства Асветы і яго накіравалі ў Масюкоўскую школу нашага раёна ваенруком і настаўнікам гісторыі.
 Працаваў ён да 14 кастрычніка 1944 года і пасля трэццяга рапарта яго прызвалі ў рады Савецкай Арміі.
 Будай Іван Афанасьевіч стаў мінамётчыкам 68-й механізіраванай брыгады 8-га Александрыйскага механізіраванага корпуса, які часова размяшчаўся ва Уруччы. У канцы кастрычніка 1944 года іх корпус быў накіраваны на 2-гі Беларускі фронт, якім камандваў генерал К.К.Ракасоўскі.
 Іван Афанасьевіч удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, Усходняй Прусіі, Цэнтральнай Германіі. У жніўні 1945 года нашы часці вярнуліся на тэрыторыю Беларусі ў горад Слонім, у канцы кастрычніка таго ж года быў дэмабілізаваны дамоў.
 За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне быў узнагароджаны: ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За боевые заслуги”, “Партизану Великой Отечественной войны”, “За победу над Германией”, “За взятие Кенигсберга” і інш. – усяго чатырнаццаць.
 У лістападзе 1945 года пачаў працаваць у сваёй Гарадзішчанаскай школе ваенруком і настаўнікам гісторыі. 15 жніўня 1950 года быў назначаны дырэктарам Гарадзішчанскай школы, а ў пачатку лістапада 1959 года – дырэктарам Астрашыцка-Гарадокскай сярэдняй школы.
 У студзені 1945 года па ініцыятыве Л.Л.Кароткай група вучняў пачала летапіс, прысвечаны жыццю і барацьбе з акупантамі калектыва настаўнікаў і такіх жа, як яна, аднагодкаў-вучняў Астрашыцка-Гарадокскай школы. “Літаратурна-мастацкі часопіс  Астрашыцка-Гарадокскай школы Мінскага раёна” стаў крыніцай гістарычнага матэрыялу для музея Баявой Славы школы, створанага па ініцыятыве дырэктара школы, заслужанага настаўніка Беларусі І.А.Будая. Музей быў адкрыты 9 мая 1965 года. Па яго ж ініцыятыве да 20-годдзя вызвалення Беларусі ў школьным скверы па праекце і пад кіраўніцтвам настаўніка школы – падпольшчыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны І.З.Давідовіча з дапамогай вучняў, настаўнікаў і жыхароў Гарадка быў устаноўлены помнік настаўнікам, вучням і жыхарам Гарадка, якія загінулі ў гады мінулай вайны.
 Але следапыты не абмежаваліся зборам матэрыялаў пра гераічныя справы падпольшчыкаў школы. Адначасова ішлі пошукі ўдзельнікаў і сведкаў абароны горада Мінска на скрыжаванні дарог каля Астрашыцкага Гарадка.
 У следапытаў ужо была вялікая картатэка па перапісцы з камандзірам 100-ай дывізіі генералам І.М.Русіянавым. Былі сабраны першыя экспанаты і фотаздымкі. У маі 1966 года школьнікі сустрэліся з камандзірам батальёна капітанам Ф.Ф.Каўрыжка, які першым у дывізіі прымяніў супраць нямецкіх танкаў бутэлькі і флягі з гаручым.
 8 мая 1985 года пачаў працаваць музей Баявой Славы Бараўлянскай гімназіі (тады яшчэ сярэдняй школы).
Перейти к разделу "Из истории Музея Боевой Славы"