Парады :: ГУО "Боровлянская гимназия"

Парады

Главная : Учащимся : Літаратурна-творчае аб'яднанне "Купалінка" : Парады

Парады юным паэтам і празаікам

Ці можна навучыцца пісаць вершы?

Гэта пытанне няпростае, і адназначна на яго не адкажаш. У сярэднявечнай Еўропе (і ў Беларусі ў тым ліку) у многіх школах існавалі ўрокі вершаскладання. Выкладалі іх настаўнікі, якія добра ведалі сваю справу. Былі нават створаны спецыяльныя падручнікі. Але ніякага масавага з’яўлення таленавітых паэтаў так і не адбылося. Большасць знакамітых еўрапейскіх паэтаў таго часу не мелі да такіх школ ніякага дачынення.

Не існуе адзінага паэтычнага рэцэпту, як пісаць вершы. Але можна вылучыць некалькі паэтычных сакрэтаў.

Па-першае, ніколі не плануйце напісанне верша загадзя. Тым больш не стаўце перад сабой ніякай задачы.

Па-другое, пачаўшы складаць верш, паэты часта не ведаюць, чым ён скончыцца і аб чым ён будзе наогул. Часцей за ўсё верш пачынаецца для некаторых з нейкага аднаго радка, які прыходзіць у галаву. Гэты радок не абавязкова будзе потым стаяць першым у вершаваным творы. Ён наогул можа не ўвайсці ў канчатковы варыянт верша. Але ён дае штуршок для напісання новага твора.

Напісаўшы верш, не спяшайцеся знаёміць з ім сваіх сяброў і блізкіх. Бо само напісанне верша — гэта яшчэ не заканчэнне працы над ім. Гэта толькі першы варыянт, чарнавік, калі можна так сказаць. Далей будзе ісці апрацоўка.

Важная заўвага: ніколі не пачынайце апрацоўку адразу пасля напісання верша, як бы вам гэтага ні хацелася. Адкладзіце яе. На суткі, а, магчыма, і на двое, трое… Затое потым вы паглядзіце на свой уласны твор свежым поглядам амаль старонняга чытача і адразу ж убачыце ўсе яго хібы і недахопы.

I яшчэ. Калі нейкі радок, магчыма, сам па сабе і не кепскі, але «рэжа» слых, без усялякага шкадавання выкідвайце яго з верша ці яшчэ над ім папрацуйце. Выкідвайце нават чатырохрадкоўі, калі адчуваеце, што яны тут лішнія. Самому вершу гэта пойдзе толькі на карысць.

I апошняе. Калі вы пішаце вершы зусім інакш і нічога з таго, аб чым мы толькі што расказалі, вам не падыходзіць — гэта не значыць, што вы пішаце няправільна. Пішыце, як лічыце патрэбным, бо агульных рэцэптаў, як трэба пісаць вершы, проста не існуе.